ДОМ УРА́ДА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Пабудаваны ў 1930—34 (арх. І.Лангбард) у Мінску. Самае буйное ў Беларусі збудаванне грамадзянскай архітэктуры даваен. часу (аб’ём будынка 240 тыс. м³). Яго стварэнне было пачаткам рэканструкцыі сталіцы.

Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя пабудавана на сіметрычных рознавышынных аб’ёмах, што надае сілуэту будынка дынамічнасць. 9-павярховая цэнтр. ч. адсунута ў глыбіню і фланкіравана бакавымі крыламі, якія ўтвараюць плошчу 100 × 50 м. Увесь складаны комплекс атрымаў зручную функцыян. арганізацыю ўнутр. прасторы, падпарадкаваную строгай канструкцыйнай сістэме. Інтэр’ер аформлены размалёўкамі і шматфігурнымі рэльефамі. Дом урада — адзін з першых і найб. значных прыкладаў сінтэзу архітэктуры і манум. мастацтва.

Літ.:

Воинов А.А., Самбук С.Ф. Дом правительства Белорусской ССР. Мн., 1975.

А.А.Воінаў.

Дом урада Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)